АКУ́СТЫКА МУЗЫ́ЧНАЯ,

раздзел тэорыі музыкі, які даследуе фізічныя заканамернасці музыкі ў аспекце яе выканання і ўспрымання. Вывучае вышыню, гучнасць, тэмбр, даўжыню і сінтэз муз. гукаў, муз. сістэмы і строі, кансананс і дысананс, некат. з’явы ў гармоніі, інструментоўцы, аркестроўцы і інш.

Навука пра акустыку музычную пачала развівацца ў Стараж Грэцыі; пазней яе развівалі Дж.​Царліна, М.​Мерсен, Ж.​Рамо і інш. У 19 ст. распрацавана рэзанансная тэорыя слыху (Г.​Гельмгольц) і тэорыя адлюстравання гукавых ваганняў (К.​Штумпф). У 20 ст. з’явіліся тэарэт. даследаванні, звязаныя з зоннай прыродай слыхавога ўспрыняцця (М.​Гарбузаў; гл. ў арт. Зона), акустыкай пеўчага голасу (Р.​Юсан), электрамуз. інструментаў (Л.​Тэрмен, А.​Валодзін), а таксама з асаблівымі з’явамі электроннай музыкі і мікратэмперацыі. Гал. праблема сучасных прац — даследаванне ролі аб’ектыўных акустычных фактараў у фарміраванні муз. мовы кампазітараў 20 ст. (Я.​Назайкінскі, Ю.​Рагс, Ю.​Антанавічус).

Т.​Г.​Мдывані.

т. 1, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)